30 дек. 2009 г.

стандартызацыя назваў

Шацёр-Шалюта, С.А. Да праблемы стандартызацыі назваў гандлёва-камерцыйных і прамыслова-вытворчых аб’ектаў / С.А. Шацёр-Шалюта // Сучасны стан і дынаміка норм беларускай літаратурнай мовы: матэрыялы міжнар. навук. канф., Мінск, 24-25 кастрыч. 2006 г. / Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі; нав. рэд. А.А. Лукашанец. – Мінск: Права і эканоміка, 2006. – С. 132 – 134.

Да праблемы стандартызацыі назваў гандлёва-камерцыйных і прамыслова-вытворчых аб’ектаў
Уласныя імёны функцыянуюць ва ўсіх сферах дзейнасці чалавека. Склад онімаў, якія існуюць у грамадстве, безумоўна адлюстроўвае тыповыя рысы таго ці іншага перыяду, з’яўляецца яго яркай характарыстыкай. Так, напрыклад, вынікі аб стане рынку паслуг у нашай краіне можна зрабіць на падставе аналізу анімікона. Інтэнсіўны рост колькасці камерцыйных арганізацый, якія аказваюць розныя паслугі насельніцтву, прывёў да павелічэння колькасці фірмонімаў (назваў фірм).
Напрыклад, калі ў 80-я гг. XX ст. у г. Мінску існавала некалькі юрыдычных кансультацый, адзінае турыстычнае бюро, то не ўзнікала неабходнасці іх наймення, дастаткова было ўказання на іх род дзейнасці (турыстычныя, юрыдычныя, медыцынскія паслугі). У 90-я гады ў сувязі з ўзнікненнем прыватнай уласнасці з’явілася неабходнасць індывідуалізаваць аб’ект, выдзеліць яго з ліку падобных, і гэтым самым прыцягнуць ўвагу спажыўца. Такім чынам, адной з прычын узнікнення патрэбы ў найменні такіх аб’ектаў з’яўляецца рост іх колькасці і змена формы ўласнасці. Усе новыя аб’екты намінуюцца без уліку далейшага функцыянавання імя, што часта прыводзіць да кур’ёзных сітуацый: адна з фірмаў, якая займалася рамонтам і заменай кватэрных замкоў, некаторы час называлася: «Ребята по вызову». Пасля шэрагу нетэматычных пытанняў і даволі непрыстойных прапаноў фірма адмовілася ад двухсэнсоўнай назвы і ўзяла іншую, для чаго неабходна было прайсці ўсе адпаведныя юрыдычныя працэдуры.
Міністэрства юстыцыі звярнула ўвагу на падобныя выпадкі, а таксама на сітуацыі з паўтарэннем аднаго наймення для розных фірм і ў 2002 годзе прыняло пастанову аб парадку арганізацыі работы па ўзгадненню найменняў. У цяперашні час існуе спецыяльная ўстанова, якае здзяйсняе кантроль над працэсам рэгістрацыі, у тым ліку найменняў розных фірм на тэрыторыі Беларусі: упраўленне Адзінага дзяржаўнага рэгістра Міністэрства юстыцыі РБ. На падставе юрыдычных норм, што датычацца рэкламы тавараў і паслуг, былі выпрацаваны крытэрыі па зацвярджэнню фірменнага наймення, паводле якога назва фірмы павінна адпавядаць заканадаўчым нормам РБ: не супярэчыць існуючаму заканадаўству, не мець тоесных найменняў, змяшчаць словы «беларускі», «дзяржаўны» і інш. толькі згодна акрэсленых правіламі рэгістрацыі выпадкаў.
Паводле лінгвістычных нормаў, любое найменне павінна апрыоры адпавядаць наступным патрабаванням: інфарматыўнасць, эстэтычнасць, сістэмнасць, лёгкасць вымаўлення і інш. На жаль, лінгвістычны аспект не знайшоў адлюстравання ў «Пастанове аб узгадненні найменняў…». Адпаведна, Адзіны дзяржаўны рэгістр не мае дастатковых крытэрыяў па выбары назваў і прысвойвае іх, у асноўным арыентуючыся на суб’ектыўныя ацэнкі ўласных супрацоўнікаў. У сувязі з гэтым руска-беларускі лексікон папаўняецца словамі тыпу: Агути, Аннапурна, Абакор, Коре-ильбо, Эстурс, Делойт, Силар, Аваби, Блистр, Истанус, Адрастейф, Элсонт, Игмава і інш.
Даволі часта з’яўляюцца назвы ў выглядзе незразумелых скарачэнняў, якія не толькі цяжка ўспрыняць на слых, але і ў вышэйшай ступені складана паказаць на пісьме: «УниС-В», «КомпИТ Технолоджис», «АсБИС», «ВирусБлокАда», «БелСервисЭМКА», «Ин-Кубус Инкорпорэйшн» і інш.
Існаванне такіх назваў мае адзінае апраўданне: іх надаюць гандлёва-камерцыйным аб’ектам з мэтай пазбегнуць аднастайнасці. Разам з тым, выбар наймення – гэта складаны творчы працэс, а ўладальнікаў шырокага кругагляду і крэатыўнага мыслення няшмат. Шкада, што такіх простых гучных і гарманічных назваў, як: «Мастер звука», «Прилив», «Белая арка», «Чистый городок», «Кентавр», «Магия чувств» усяго толькі 10% ад агульнай колькасці найменняў.
Усведамленне таго, што назва насамрэч з’яўляецца важным складнікам дзейнасці фірмы, прывяло ў Расіі да ўзнікнення спецыяльных арганізацый, якія аказваюць паслугі па нэймінгу (выбару падыходзячай назвы). Аднак нягледзячы на павышаную запатрабаванасць такіх паслуг, якасць іх выканання зніжаецца: назвы стандартызуюцца, становяцца падобныя адна на адну, з’яўляецца вялікая колькасць англіцызмаў, варварызмаў, іншамоўных прэфіксаў, якія маюць рускі агульнаўжывальны эквівалент, складаных скарачэнняў, якія нельга расшыфраваць без непасрэднага звароту да намінатара. Таму дзейнасць падобных арганізацый не заўсёды апраўдана.
Для сістэматызацыі назваў, іх дарэчнасці ў той ці іншай галіне дзейнасці чалавека, а таксама каб пазбегнуць усялякіх нязручнасцей пры іх выкарыстанні прапануецца распрацаваць нарматыўныя дакументы, якія ўлічваюць лінгвістычныя нормы пры рэгістрацыі новага фірменнага наймення. У якасці асноўных патрабаванняў можна прапанаваць наступныя:
1. Найменне павінна рэгістравацца і функцыянаваць на дзяржаўных мовах – рускай ці беларускай. Транслітэраваныя лексемы, якія не з’яўляюцца зарэгістраваным таварным знакам у краіне роднай мовы, а таксама на тэрыторыі РБ, недапушчальныя.
2. Пры прысвойванні фірменнага наймення аддавць перавагу адна- двухслоўным назвам.
3. Выкарыстоўваць скарачэнні, якія ўключаюць не больш чым 3 лексемы.
4. Выключыць магчымасць напісання з вялікай літары другога (і наступных) кампанентаў састаўнога наймення (замест «Бел Интер-ком» рэгістраваць «Белинтерком», замест «ЛогоТон» - «Логотон»).
5. Пазбягаць скарачэнняў з нязручным для вымаўлення спалучэннем гукаў («Артгор», «Картри М», «ЛикубБел»), графічна выдзеленых частак слова («АТОМплюс», «ВИДпрофит», «СловечнО»), а таксама змешаных скарачэнняў рознага парадку («ОАПБелагро», «ТрСВ-М», «СМОКТрэвел», «ТСМ-Пак»).

Комментариев нет:

Отправить комментарий